1 мая ў Беларусі адзначаецца Свята працы, якое з'яўляецца агульнарэспубліканскім святочным днём. Ён устаноўлены Указам Прэзідэнта краіны нумар 157 і мае больш як векавую гісторыю. Першамай - гэта свята, якое аб'ядноўвае нас у імкненні да лепшага жыцця, дабрабыту і росквіту.
30 красавіка ў нашай школе прайшла святочная праграма, прысвечаная святу працы 1 мая. Гэтае мерапрыемства стала выдатнай магчымасцю для навучэнцаў і выкладчыкаў аддаць даніну павагі да працы і тым, хто прысвяціў сваё жыццё працы. На свята былі запрошаны ганаровыя госці - ветэраны базавай гаспадаркі Дарашэвіч Уладзімір Міхайлавіч і Нядзелька Таісія Віктараўна. Яны падзяліліся з намі сваімі ўспамінамі аб працоўнай дзейнасці і натхнілі моладзь на руплівую працу і імкненне да дасягненняў.
Дырэктар школы павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым святам, падкрэсліўшы важнасць працы ў жыцці кожнага чалавека. Уручыў граматы навучэнцам, якія дасягнулі поспехаў у творчых конкурсах. Ён таксама адзначыў значнасць укладу ветэранаў педагагічнай працы, якія на працягу многіх гадоў навучалі і выхоўвалі маладое пакаленне. Святочная праграма, напоўненая музыкай, прыпеўкамі і сцэнкамі, стварыла святочную атмасферу і пакінула незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў.





