26 мая ў рамках пераемнасці адбылася традыцыйная экскурсія па школе для будучых першакласнікаў. Юныя госці разам з выхавацелямі прыйшлі пазнаёміцца з месцам, дзе зусім хутка пачнецца іх вялікае школьнае жыццё.
У ролі гасцінных гаспадароў выступілі навучэнцы 4 класа. Былыя «першаклашкі» правялі малых па школьных калідорах, паказалі, дзе знаходзяцца кабінеты, сталовая, бібліятэка і музей. Чацверакласнікі расказалі пра школьныя правілы, адказалі на пытанні і падзяліліся самымі яркімі ўспамінамі аб сваім першым навучальным годзе. Дзеці з цікавасцю разглядалі класы, адгадвалі загадкі аб школе і нават паспрабавалі сябе ў ролі сапраўдных вучняў - малявалі на дошцы мелам і знаёміліся з вучэбнымі прыладамі. На развітанне кожны будучы першакласнік атрымаў у падарунак размалёўку "Па старонках любімых казак", каб падрыхтоўка да школы была яшчэ больш цікавай. 📚🖍️ Такія сустрэчы дапамагаюць малышам адчуць сябе больш упэўнена, зніжаюць трывожнасць перад першым класам і ствараюць святочны настрой напярэдадні новага этапа жыцця.
